Нелегальная антыкамуністычная арганізацыя “Змагарная Салідарнасьць” (ЗС) была ўтворана ў Польшчы ў сярэдзіне 1982 года. Галоўным ініцыятарам яе ўтварэньня і першым старшынёй быў Карнэль Маравецкі. Зьяўленьне ЗС было выклікана рознагалосьсямі сярод кіраўнікоў прафсаюза “Салідарнасьць” аб тым, якім чынам змагацца з камуністычным рэжымам пасьля ўвядзеньня ў краіне ваеннага становішча на прыканцы 1981 года. Актывісты “Салідарнасьці”, якія вырашылі ўступіць у ЗС, выступалі за бескампрамісныя мэтады барацьбы за незалежнасьць Польшчы і за вызваленьне народаў, што былі пад камуністычным прыгнётам. ЗС пасьлядоўна выступала за тое, каб скінуць таталітарную ўладу камуністаў. Яе кіраўнікі меркавалі, што крах камунізма блізкі. Многія абвінавачвалі ЗС у надмерным радыкалізьме, але менавіта яе прагнозы аказаліся найбольш дакладнымі.
Змагарная Салідарнасьць аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах каля 2000 сяброў, яе рэгіянальныя аддзяленьні дзейнічалі практычна па ўсёй краіне. Яна мела прадстаўнікоў таксама замяжой, у тым ліку на тэрыторыі Савецкага Саюза. Кожны новы сябра Змагарнай Салідарнасьці павінен быў атрымаць рэкамэндацыю ад двух сяброў арганізацыі і даць клятву ў іхнай прысутнасьці.
Кіруючымі ворганамі арганізацыі былі яе Старшыня (Карнэль Маравецкі), Рада ЗС і Выканаўчы Камітэт. Асноўнымі формамі барацьбы былі нелегальная выдавецкая і інфармацыйная дзейнасьць, трансляцыя падпольных радыёпраграмаў, арганізацыя вулічных дэманстрацыяў і страйкаў. ЗС супрацоўнічала з падпольнымі структурамі прафсаюза “Салідарнасьць”, часта аказвала яму тэхнічную дапамогу.
ЗС мела сваю даволі эфэктыўную сістэму контрвыведкі, заснаваную на праслухоўваньні радыёперамоваў супрацоўнікаў службаў бясьпекі, а таксама на супрацоўніцтве з некаторымі прадстаўнікамі гэтых службаў. У другой палове 1980-х гадоў ЗС актыўна падтрымлівала апазыцыйныя рухі па ўсяе Усходняе Эўропе і ў Савецкім Саюзе. У сваіх бюлетэнях ЗС паведамляла пра парушэньні правоў чалавека ў краінах камуністычнага блёку, у Тыбэце, а таксама пра савецкую агрэсію ў Аўганістане. Пачынаючы з 1988 года, ЗС накіроўвала прадстаўнікоў свайго “усходняга аддзяленьня” ва Украіну, Расею, Беларусь, Летуву, Эстонію, Латвію, Грузію, Казахстан, Малдову, Армэнію і Азэрбайджан. Яны перадавалі савецкім дысыдэнтам і змагарам за незалежнасьць досьвед барацьбы супраць камунізма, забясьпечвалі іх друкаркамі, электроннымі сродкамі сувязі і друкаванай прадукцыяй. У Польшчы праводзіліся поліграфічныя курсы для маладых прадстаўнікоў апазыцыі з СССР. Акрэм польскай, матэр’ялы ЗС выпускаліся таксама на расейскай, чэшскай, угорскай і ўкраінскай мовах.
Падчас студзеньскіх падзеяў 1991 года ў Вільне ЗС актыўна супрацоўнічала з летувіскімі арганізацыямі, што змагаліся за незалежнасьць Летувы, і непасрэдна ўдзельнічала ў падзеях.
У 1989 годзе, кіруючыся маральнымі і палітычнымі меркаваньнямі, ЗС выступіла супраць палітыкі ўлагоджваньня камуністаў, якую праводзілі некаторыя лідэры польскай апазыцыі (палітыка “круглага стала”).
ЗС афіцыйна спыніла сваю дзейнасьць у 1992 годзе. Гэтаму папярэднічала спроба кіраўніцтва арганізацыі ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны, калі на базе ЗС была ўтворана легальная Партыя Свабоды. Аднак, высьветлілася, што лёзунгі радыкальнага разрыву з камуністычнай мінуўшчынай не знаходзяць у новых варунках водгуку ў польскім грамадзтве. Палітычныя рэаліі посткамуністычнай Польшчы – у прыватнасьці, супрацоўніцтва некаторых дзеячаў былой апазыцыі з посткамуністамі – прывялі да пэўнага ігнараваньня ўнёску ЗС у змаганьні з камунізмам. І толькі сёньня, калі посткамуністы і іхныя хаўрусьнікі адсунуты ад улады, Змагарная Салідарнасьць паступова аднаўляе сваё месца ў пантэоне змагароў супраць камунізма.
У чэрвені 2007 году арганізацыя адзначыць 25-я ўгодкі свайго заснаваньня.